Дзяржаўная ўстанова культуры «Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей»

Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей быў заснаваны рашэннем Астравецкага райвыканкама №171 ад 25.03.2009 г.

Яшчэ да адкрыцця музея ў вёсцы Барані, на радзіме сына Астравеччыны —Канстанціна Стаповіча, пачаўся актыўны збор экспанатаў для будучай экспазіцыі. 2 кастрычніка 2010 года адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі «Дом Казіміра Сваяка». Сабраныя экспанаты тыповыя для беларускай вёскі першай паловы ХХ стагоддзя, большая частка з іх непасрэдна звязана з жыццём і творчасцю Канстанціна Стаповіча і яго сям'і. Ложак, запраўлены «перабіраным дываном» з беласнежнымі карункамі ўнізе, стол, накрыты абрусам ручной працы, са свечкай і крыжом на ім, як быццам хтосьці толькі што памаліўся. Іконы на сценах. Друкаваныя копіі кніг «Мая ліра», «Голас душы», «Дзея маёй мыслі…», копіі дакументаў і фатаграфіі Казіміра Сваяка, яго сям'і і сяброў… Недалёка ад вёскі — возера Баранскае, адно з ланцужка «Сарачанскіх азёр», дзе можна палавіць рыбу, паплаваць, палюбавацца воднымі лілеямі і вадаплаўнымі птушкамі, адпачыць душой і целам.

На працягу дзесяцігоддзя раённы музей быў прадстаўлены толькі экспазіцыяй у Баранах і кабінетамі адміністрацыі ў г.Астравец (а таксама фондасховішчам). За гады існавання музея было сабрана і дакументальна аформлена больш за 4,5 тыс. музейных прадметаў, якія размеркаваны па 14 калекцыям. 5 сакавіка 2021 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё шматфункцыянальнага комплексу сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі, на 1-м паверсе якога знаходзяцца экспазіцыйна-выставачныя плошчы раённага музея. 02 лютага 2023 г. адбылося адкрыццё пастаяннай экспазіцыі музея, якая прысвечана гісторыі Астравеччыны. У сценах музея дзейнічаюць зменныя выставы, пастаянная экспазіцыя, вядзецца работа па абнаўленні экспазіцыі «Дом Казіміра Сваяка».


Час працы музея:
серада-пятніца: 10.00 - 19.00
субота-нядзеля: 9.00 - 18.00
Выхадныя дні: панядзелак, аўторак

Час працы адміністрацыі музея:
Панядзелак-пятніца: 8.00 - 17.00
Перапынак: 13.00 - 14.00
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Прыём грамадзян кіраўніцтвам музея ажыццяўляецца кожны аўторак месяца з 8.00 да 13.00
Падлужная Рыма Іванаўна — дырэктар (1 паверх, кабінет 118)