«50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Якуба Коласа»

Запрашаем наведаць часовую выставу “50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Якуба Коласа”, якая працуе ў нашым музеі з 10 лістапада па 10 снежня 2023 года!

Фотавыстава прадстаўляе 50 момантаў з жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Пяцьдзясят партрэтаў беларускага песняра складуць яго фоталетапіс, пачынаючы з першай вядомай фатаграфіі Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа), зробленай у 1901 годзе ў Нясвіжы, і заканчваючы фатаграфіяй 1956 года, апошняга года жыцця пісьменніка.

Моманты жыцця народнага паэта Беларусі пабывалі ў аб'ектыве розных вядомых фатографаў, сярод якіх Генрых Фрыд, Рыгор Вайль, Майсей Напельбаум, Зянон Паўлоўскі, а таксама фотааматараў - беларускага пісьменніка, сябра Якуба Коласа Міхася Лынькова і малодшага сына паэта Міхася Міцкевіча.

Якуб Колас не толькі вядомы беларускі пісьменнік, вучоны, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, але і мудры філосаф, якога заўсёды хвалявалі вечныя пытанні дабра і зла, праўды, свабоды, справядлівасці, сэнсу і мэты чалавечага жыцця. Філасофскія выказванні пісьменніка, многія з якіх сталі крылатымі, дапоўняць вобраз народнага паэта Беларусі.

«Куды ты йдзеш, чаго шукаеш? Які ты ў сэрцы смутак маеш?» (з паэмы «Новая зямля»)

176