Пастаянная экспазіцыя

Пастаянная экспазіцыя прысвечана гісторыі Астравеччыны, складаецца з 5 раздзелаў:

Першы раздзел прысвечаны гісторыі Астраўца і раёна, пачынаючы з 1468 года. Наведвальнікаў «сустракаюць» Альбрэхт Гаштольд, які быў уладальнікам Астраўца, і Барбара Радзівіл. Тут яна невыпадкова, паколькі была жонкай Станіслава Гаштольда - сына Альбрэхта.

Другі раздзел прысвечаны роду Корсакаў і Абрамовічаў. На сценах двух раздзелаў размешчаны партрэты, гербы родаў - уладальнікаў Астраўца.

Трэці раздзел прысвечаны мястэчкам і сядзібам Астравецкага раёна, таксама ёсць інфакіёск, які змяшчае матэрыялы аб славутасцях Астравецкага раёна і іншую інфармацыю.

Чацвёрты раздзел прысвечаны Іосіфу Гашкевічу - вучонаму і дыпламату. На экспазіцыі прадстаўлены яго працоўны кабінет. Тут няма асабістых рэчаў вучонага і дыпламата – сядзіба нашага земляка не захавалася, таму абстаноўка рабочага кабінета была адноўлена паводле захаваных гістарычных крыніц. Усе прадметы арыгінальныя, з экспертызай сапраўднасці закупляліся ў калекцыянераў і ў антыкварных салонах краіны. Гадзіны з боем, японская фарфоравая талерка імары пачатку ХІХ стагоддзя, распісаная ўручную, - як сведчанне таго, што Гашкевіч са сваёй дыпламатычнай місіяй быў у гэтай краіне; аб яго знаходжанні ў Кітаі сведчыць арыгінальная кітайская шырма. Увагу прыцягвае кніжная шафа, паліцы якой напоўнены літаратурай з абменнага фонду Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама копіі ўзнагарод Іосіфа Гашкевіча і некалькі здымкаў. Усе прадметы інтэр'ера арыгінальныя, характэрныя для эпохі, у якую жыў вучоны.

Пяты раздзел паказвае побыт сялян пачатку ХХ стагоддзя падчас святкавання Вялікадня на прыкладзе мястэчка Варняны, аднаго з самых старажытных паселішчаў на тэрыторыі сучаснай Астравеччыны.