Дзяржаўная ўстанова культуры "Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей"

Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей быў заснаваны рашэннем Астравецкага райвыканкама №171 ад 25.03.2009 г.

Яшчэ да адкрыцця музея ў вёсцы Барані, на радзіме сына Астравеччыны - Канстанціна Стаповіча, пачаўся актыўны збор экспанатаў для будучай экспазіцыі. 2 кастрычніка 2010 года адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі "Дом Казіміра Сваяка". Сабраныя экспанаты тыповыя для беларускай вёскі першай паловы ХХ стагоддзя, большая частка з іх непасрэдна звязана з жыццём і творчасцю Канстанціна Стаповіча і яго сям'і. Ложак, запраўлены «перабіраным дываном»  з беласнежнымі карункамі ўнізе, стол, накрыты абрусам ручной працы, са свечкай і крыжом на ім, як быццам хтосьці толькі што памаліўся. Іконы на сценах. Друкаваныя копіі кніг «Мая ліра», «Голас душы», «Дзея маёй мыслі…», копіі дакументаў і фатаграфіі Казіміра Сваяка, яго сям'і і сяброў… Недалёка ад вёскі – возера Баранскае, адно з ланцужка «Сарачанскіх азёр», дзе можна палавіць рыбу, паплаваць, палюбавацца воднымі лілеямі і вадаплаўнымі птушкамі, адпачыць душой і целам.

На працягу дзесяцігоддзя раённы музей быў прадстаўлены толькі экспазіцыяй у Баранах і кабінетамі адміністрацыі ў г.Астравец (а таксама фондасховішчам). За гады існавання музея было сабрана і дакументальна аформлена больш за 4,5 тыс. музейных прадметаў, якія размеркаваны па 14 калекцыям. 5 сакавіка 2021 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё шматфункцыянальнага комплексу сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі, на 1-м паверсе якога знаходзяцца экспазіцыйна-выставачныя плошчы раённага музея.

02 лютага 2023 г. адбылося адкрыццё пастаяннай экспазіцыі музея, якая прысвечана гісторыі Астравеччыны і складаецца з пяці раздзелаў.

Першы раздзел прысвечаны гісторыі Астраўца і раёна, пачынаючы з 1468 года. Наведвальнікаў «сустракаюць» Альбрэхт Гаштольд, які быў уладальнікам Астраўца, і Барбара Радзівіл. Тут яна невыпадкова, паколькі была жонкай Станіслава Гаштольда - сына Альбрэхта.

Другі раздзел прысвечаны роду Корсакаў і Абрамовічаў. На сценах двух раздзелаў размешчаны партрэты, гербы родаў - уладальнікаў Астраўца.

Трэці раздзел прысвечаны мястэчкам і сядзібам Астравецкага раёна, таксама ёсць інфакіёск, які аснашчаны матэрыяламі аб славутасцях Астравецкага раёна і іншай інфармацыяй.

Чацвёрты раздзел прысвечаны Іосіфу Гашкевічу - вучонаму і дыпламату. На экспазіцыі прадстаўлены яго працоўны кабінет: усе прадметы інтэр'еру арыгінальныя, характэрныя для эпохі, у які жыў вучоны.

Пяты раздзел паказвае побыт сялян пачатку ХХ стагоддзя падчас святкавання Вялікадня на прыкладзе мястэчка Варняны, аднаго з самых старажытных паселішчаў на тэрыторыі сучаснай Астравеччыны.

У сценах музея таксама дзейнічаюць зменныя выставы, праводзяцца лекцыі і музейныя заняткі.